Брэст. Трэнінг з навучэнцамі

16.01.2023

Работнік Брэсцкага ГАНС Ірына Лабырыч наведала ДУА “Гімназія №2 г. Брэста” і правяла трэнінгі з навучэнцамі малодшых класаў. Такія штогадовыя заняткі па АБЖ праводзяцца з мэтай зніжэння колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і гарантавання іх агульнай бяспекі.

На гэты раз з вучнямі 3-іх класаў трэнінг праходзіў па тэме “Асцярожна — газ!”. Пад час заняткаў разам з навучэнцамі вызначылі небяспекі, якія ўзнікаюць пры парушэнні правілаў абыходжання з газавымі прыборамі. Вывучылі алгарытм дзеянняў у выпадку ўцечкі газу.

Паглядзелі навучальны мультфільм аб правілах бяспекі пры карыстанні газам. Для замацавання атрыманых ведаў работнік МНС правяла віктарыну з уручэннем наглядна-выяўленчай прадукцыі.

Не забыліся пагаварыць і аб правілах пажарнай бяспекі. З вучнямі паўтарылі нумары экстранных службаў, правілы выкліку ратавальнікаў. Інструктар па грамадска-масавай рабоце Брэсцкай абласной арганізацыйнай структуры РДГА “БДПТ” Ганна Леўлюх расказала хлопцам аб першасных сродках пажаратушэння і прынцыпе дзеяння аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Усе вучні атрымалі на памяць налепкі ад БДПТ, пасля чаго адправіліся на стадыён, каб убачыць парашковы вогнетушыцель у дзеянні.

За мінулы перыяд 2023 года на тэрыторыі горада Брэста зарэгістравана 9 пажараў.

З мэтай папярэджання ўзнікнення надзвычайных сітуацый, гібелі і траўматызму дзяцей МНС нагадвае:

— як мага раней пачніце навучаць дзяцей правілам бяспечных паводзін;

— не дазваляйце дзецям распальваць печы, газавыя пліты, самастойна ўключаць электрапрыборы;

— не пакідайце запалкі, свечкі, запальніцы ў даступных для дзяцей месцах;

— арганізуйце дзіцяці цікавы вольны час;

— станьце добрым прыкладам у пытаннях захавання правіл пажарнай бяспекі.