Выхаваць дзіця — не поле перайсці… Магілёў

24.05.2022

Бацькі, якія прыйшлі на сход у ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Кастрычніцкага раёна г. Магілёва», на вялікі жаль, не могуць горда заяўляць, што не пакідаюць дзяцей адных. Гэтыя гора-бацькі цяпер сустракаюцца са сваімі дзецьмі яшчэ радзей. І гэта адбываецца ў прытулку, дзе менавіта па віне нядбайных тат і мам апынуліся некалі любімыя сыны і дочкі …
Прафілактычныя мерапрыемствы акцыі «Не пакідайце дзяцей адных» накіраваны на сумеснае вывучэнне бацькамі і дзецьмі правілаў бяспекі. Але ў дадзеным выпадку спецыялiст БДПТ Анастасiя Лук’янчыкава i работнікі МНС правялі прафілактычную гутарку ў закрытым фармаце, прыводзячы канкрэтныя прыклады гібелі дзяцей, называючы іх імёны і ўзрост, а таксама дзе і чым займаліся ў той трагічны момант дарослыя, адказныя за жыцці малых.
Красамоўным заклікам «Не пакідайце дзяцей адных!» стаў і фільм студыі МНС, у якім са слязамі на вачах ужо былыя бацькі распавядалі пра сваіх загінулых дзяцей.
Працягнулася сустрэча вывучэннем правілаў, якія могуць прадухіліць трагедыі ў сем’ях.
Выратавальнікі пагутарылі з выхаванцамі прытулку, прапанаваўшы малым паўдзельнічаць у навучальных гульнях і нават у танцах, паглядзелі разам мультфільм «Спецатрад 112». Такім чынам  замацавалі веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці. А тэматычныя падарункі сталі ўзнагародай за актыўны ўдзел у конкурсах акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!».