Смаргонь. Карысныя парады ад выратавальнікаў

11.09.2026

На Смаргоншчыне працягваецца сістэмная прафілактычная работа, накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх. Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы ў жыллёвым фондзе. На гэты раз да прафілактыкі далучыліся прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства.

У рамках інфармацыйнай кампаніі вяскоўцам нагадалі аб важнасці ўстаноўкі ў домаўладаннях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і падтрыманні іх у працаздольным стане. Свае апавяданні прадстаўнікі службы 101 падмацавалі канкрэтнымі прыкладамі, калі гэты прыбор дапамог прадухіліць сур’ёзныя трагедыі і выратаваў жыцці.

– За 8 месяцаў гэтага года ў Смаргонскім раёне пранізлівы сігнал апавяшчальніка выратаваў жыцці 2 нашым землякам: у вёсках Гавуці і Суцькава, – падкрэсліў намеснік начальніка Смаргонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Хвасько.

Таксама напярэдадні пачатку ацяпляльнага сезона гаварылі і аб правілах эксплуатацыі пячнога ацяплення, аб тым як трэба эксплуатаваць электрапрыборы, каб гэта не прывяло да пажару.

Аматараў тытуню, прадстаўнікі службы «101» заклікалі не забывацца пра наступствы непатушанай цыгарэты і быць вельмі асцярожнымі пры абыходжанні з агнём.

З асаблівым акцэнтам гучала тэма строгай забароны выпальвання сухой расліннасці. Работнікі райаддзела далі рэкамендацыі, як навесці парадак без здарэнняў, і заклікалі грамадзян адказна ставіцца да выканання патрабаванняў пажарнай бяспекі.

– За выпальванне сухой расліннасці парушальнікам пагражае адміністрацыйная адказнасць і штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Калі ўрон будзе нанесены ў буйным памеры, то вінаватым пагражае крымінальная адказнасць.

Каб правілы бяспекі заўсёды былі пад рукой, кожнаму домаўладальніку работнікі МНС уручылі карысную памятку.

 

https://grodno.mchs.gov.by/novosti/528672/